СЯБРЫ ЭТНАГІСТАРЫЧНАГА ЦЭНТРУ "ЯВАР"

ЭДВАРД ЗАЙКОЎСКІ

Старшыня Этнагістарычнага цэнтру "Явар",

кандыдат гістарычных навук,
адзін з вядучых археолагаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі,
адзін з ініцыятараў стварэння энцыклапедычнага слоўніка "Беларуская міфалогія".

Звесткі

Старшынёй этнагістарычнага цэнттра "Явар" з'яўляецца Эдвард Зайкоўскі, адзін з вядучых археолагаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.
За чвэрць стагоддзя археалагічнай працы яму давялося праводзіць раскопкі ў многіх мясцінах цэнтральнай і паўночнай Беларусі. Калі ён вывучаў неаліт і бронзавы век Падзвіння, то раскопваў паселішчы Бабінавічы ў Лёзненскім, Стругалапы і Дубовае ў Мядзельскім, Задзеўскае ў Паўстаўскім, Пліса ў Глыбоцкім, Зарэчча ў бялыніцкім, Ворань у Лепельскім раёнах, тарфянікавыя паселішчы Крывіна 2 і Крывіна 3 у Сеннінскім раёне. Але яго зуўсёды цікавіў духоўны свет нашых продкаў. Таму пасля абароны кандыдацкай дысертацыі ён вырашыў цалкам пераключыцца на вывучэнне гісторыі духоўнай культуры, гісторыі рэлігіі на беларускіх землях. У гэты час ён праводзіў раскопкі язычніцкіх свяцілішчаў каля в. Верхаўляны Бераставіцкага, Крамянец Лагойскага, Турэц Полацкага, Краснікі Докшыцкага раёнаў, сакральнай крыніцы каля в. Кемяны Ашмянскага раёна, своеасаблівага курганнага могільніка на Дзявочай гары каля в. Дубровы Маладзечанскага раёна.
Эдвард разумеў, што апроч ведання матэрыялаў раскопак, патрэбна веданне міфалогіі, якое непарыўна звязана з этнічнай гісторыяй. Таму што складванне і развіццё этнічных рэлігій, якім з'яўлялася паганства, адбывалася ў канкрэтным этнічным асяроддзі.
"Мяне заўсёды турбавала, што пры вывучанасці і агульнавядомасці этнічных рэлігій старажытных егіпцян, грэкаў, рымлянаў, скандынаваў зусім мала ўвагі надавалася вывучэнню дахрысціянскіх рэлігійныз уяўленняў нашых продкаў. А калі і вывучалася - то пераважна паганства нейкіх абстрактных славян" - кажа Эдвард.
- Безумоўна, культура беларусаў аўтахтонная ў тым сэнсе, што нашы продкі жылі тут, на нашай зямлі, з часоў мезаліту. Але ў этнічным плане беларусы аўтахтонамі не з'яўляюцца. Этнічная прыналежнасць многіх старажытных культур невядомая, і, магчыма, наўрад ці будзе калі высветленая. Несумненным з'яўляецца тое, што да з'яўлення славян на большай частцы тэрыторыі нашай краіны жылі балцкія плямёны. Акрамя іх у паасобных рэгіёнах адзначалася прысутнасць германцаў і фіна-уграў. Асабліва шмат у традыцыйнай культуры беларусаў засталося ад балцкага субстрату. Мяркуючы па ўсім, першапачатковае славянскае насельніцтва, так званыя летапісныя плямёны: крывічы, дрыгавічы, радзімічы - паходзілі з розных частак тагачаснага славянскага свету і агульным для іх быў толькі ўплыў балтаў. Гэта праслежваецца ў іх лексіцы, граматыцы і фанетыцы мовы, у агульных фальклорных і міфалагічных сюжэтах, архаічнай матэрыяльнай культуры, і ў генетыцы - што знаходзіць адлюстраванне ў антрапалагічных асаблівасцях.
Ірына Клімковіч.

ЛЮДМІЛА ДУЧЫЦ

Намеснік старшыні Этнагістарычнага цэнтру "Явар",

кандыдат гістарычных навук,
адзін з вядучых археолагаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі,
адзін з аўтараў энцыклапедычнага слоўніка "Беларуская міфалогія".

Звесткі

Археолаг Людміла Дучыц ужо больш за 30 гадоў даследуе мінуўшчыну Беларусі. Спачатку яе цікавілі толькі археалагічныя раскопкі, але паступова збіраўся і цікавы матэрыял па духоўнай культуры нашых продкаў.
У 80-х гадах ХХ стагоддзя Л. Дучыц даследвала гарадзішча Маскавічы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Па дадзеных навукоўцаў яно з'яўляецца памежнай крэпасцю Полацкага княства, дзе жылі нашчадкі скандынаваў, якія прыйшлі ў старажытны Полацк у эпоху вікінгаў. Л.Дучыц упершыню ў Беларусі знайшла там унікальную калекцыю костак з рунічнымі надпісамі. Маскоўскі прафесар Елена Мельнікава сцвярджае, што знакі на знойдзеных костках -- дэградаваныя рунічныя пісьмёны. Людзі, якія карысталіся такім пісьмом у ХІІ-ХІІІ, пачатку XIV стагоддзяў, відавочна страцілі сувязь з радзімай.
Падчас даследванняў такіх археалагічных помнікаў, як стаянкі, гарадзішчы, селішчы, курганы, бескурганныя могільнікі, каменныя магілы, жальнікі, культавыя камяні, археолаг заўважыла, што яны непарыўна звязаны з язычніцкімі культамі старажытных беларусаў, іх уяўленнямі і светапоглядам на акаляючы свет. У 1993 годзе выйшла яе кніга "Археалагічныя помнікі ў назвах, верваннях і паданнях беларусаў", дзе разглядаецца зменлівасць мясцовых назваў пералічаных помнікаў у сувязі з гістарычнымі падзеямі, расказваецца пра павер'і, звязаныя з археалагічнымі помнікамі, даецца спіс іх народных назваў.
Паводле археалагічных дадзеных Л.Дучыц быў даследаваны старажытны касцюм беларусаў Х-ХІІІ стст. У 1995 годзе выйшла яе кніга "Касцюм жыхароў Беларусі Х-ХІІІ стст.", дзе дадзена характэрыстыка асноўным відам адзення, галаўным уборам, упрыгожванням, абутку і інш. дэталям касцюма. Прычым сялянскі касцюм Людміла падала як этнічны індыкатар рэлігійных асаблівасцяў нашага народа.
Зусім нядаўна пабачыла свет унікальная кніга "Жыватворныя крыніцы Беларусі", у якой Л.Дучыц разам з Э.Зайкоўскім распавялі пра культавае значэнне нашых легендарных рэк, вытокаў рэк, азёр, балот, крыніц і ручаёў. У гэтай працы навукоўцы падзяліліся шматгадовым досведам па вывучэнні такой магутнай і сусветнай стыхіі, як вада. Менавіта вада лічыцца ў народных уяўленнях адной з першых стыхій светаўтварэння, крыніцай жыцця і магічнага ачышчэння.
У апошнія два гады Людміла грунтоўна даследавала курганна-жальнічны могільнік, які знаходзіцца ў глухім месцы на мяжы Лагойскага і Вілейскага раёна і датуецца канцом XIII пачаткам XIV стагоддзяў. Людміла Уладзіміраўна не першая даследуе гэты помнік, да яе тут вялі раскопкі многія археолагі, пачынаючы ад канца ХІХ ст. да канца 80-х гадоў ХХ ст. Могільнік налічвае некалькі дзесяткаў курганаў, якія хаваюць пад сабою метровыя яміны з насыпамі, абмазаныя глінай і абкладзеныя зверху камянямі даволі вялікіх памераў. Мясцовыя людзі завуць гэты могільнік "Паганскімі магіламі" або "Каменнымі кругамі", і традыцыю абкладання пахаванняў камянямі тлумачаць тым, што старажытныя людзі такім чынам бараніліся ад мядзведзей -- рабілі ўсё неабходнае, каб тыя не раскапалі і не знішчылі целы іх продкаў. Курганы за сотні гадоў паспелі зарасці алешнікам і крапівой і сталі ўлюбёным месцам зімоўкі гадзюк. Так што праводзіць раскопкі тут не толькі цяжка, але і небяспечна. Людміле Ўладзіміраўне пашанцавала, з сямі раскапаных ёй курганаў, у трох былі знойдзены парэшкі людзей і іх рэчаў, па якіх і быў вызначаны час і этнічная прыналежнасць пахаванняў. Прычым адно з трох пахаванняў на сённяшні дзень лічыцца самым багатым на тэрыторыі ўсёй Усходняй Еўропы, калі не браць пад увагу Ўсходніі Літву і Латвію. Пры словах "багатае пахаванне" многім уяўляецца вялікая колькасць залатых і срэбных рэчаў, каштоўных упрыгожванняў і г.д. Але гэта не так. Усе пахаванні, якія былі даследаваны на тэрыторыі Беларусі, ніколі не вызначаліся такой раскошай і багаццем, як, да прыкладу, скіфскія або сарматскія ў свой час. Іншы металітэт, іншыя звычаі і традыцыі. І калі ў адным пахаванні ўдавалася знайсці некалькі пярсцёнкаў і бранзалетак, адно ці два скроневыя колцы, зробленыя з нізкапрбнага срэбра альбо бронзы, такое пахаванне лічыцца для Беларусі каштоўным. Такая наша спецыфіка. І наогул, у археалогіі каштоўнасць - рэч адносная. Адна знаходка можа сказаць вельмі шмат, а сотні толькі пацвердзіць нейкія ранейшыя гіпотэзы. У гэтым багатым пахаванні маладой жанчыны было знойдзена шмат упрыгожванняў і каштоўных рэчаў, якія пралілі святло на жаночы касцюм таго часу. Галаўны ўбор быў аздоблены пазалочанымі бляшкамі розных форм і памераў, на кожнай скроні знаходзілася па два скроневых колца, упрыгожаных пацеркамі са срэбра і бронзы, нагруднае аздабленне ў тры ярусы чаргавалася або шклянымі пацеркамі, або металічнымі падвескамі, або ракаўкамі кауры, правую і левую рукі абцяжарвалі шматлікія бранзалеткі і пярсцёнкі, зробленыя са срэбра, бронзы і жалеза. Але самым цікавым аказаўся пояс, на рэштках тканіны якога з аднаго боку віселі два маленькіх ножыка ў скураных футаралах, а з другога - рознага кшталту срэбныя падвескі: і ў выглядзе аб'ёмных конікаў, і ў выглядзе ключыкаў рознай формы і памераў, і ў выглядзе невялікай трапецыі з пласцінкамі. На думку Л.Дучыц падвескі з'яўляюцца абярэгамі ці амулетамі.
А ўвогуле, знойдзеныя артэфакты ў трох курганах даюць нам уяўленне пра комплекс усяго касцюма, мастацкія густы, узровень тэхнікі і ювелірнага мастацтва, што дазваляе зрабіць пэўныя высновы наконт іх этнічнай прыналежнасці. Да таго ж дадзены комплекс касцюма унікальны сваімі спалучэннямі, аналагі якіх сустракаюцца на ноўгарадскіх землях, тэрыторыях Панямоння, Усходніх Літвы і Латвіі. Усё гэта гаворыць пра тое, што людзі, якія пахаваны ў курганах, маглі быць ці перасяленцамі, якія ўцяклі ад крыжакаў з больш заходніх раёнаў Панямоння ці, што больш верагодна, старажытным насельніцтвам, якое доўгі час жыло на гэтых землях. Гэта маглі быць такія плямёны заходніх балтаў, як яцвягі ці прусы. Тым больш, што каменныя курганы з'яўляюцца іх неад'емнай этнічнай прыналежнасцю. Але рабіць канчатковыя высновы зарана, застаецца вельмі шмат загадак і невысветленых фактаў. Наперадзе яшчэ доўгія гады карпатлівых даследаванняў падобных курганаў жальнічнага тыпу, якіх на Лагойшчыне і Вілейшчыне засталося яшчэ нямала.
- Да якога часу Вы адносіце з'яўленне славянаў на нашых цяперашніх земляхі? Якія этнасы прайшлі праз нашу тэрыторыю, і што яны пакінулі нам у спадчыну?
- Яны не прайшлі, а прыходзілі!!! Усе пакінулі элементы сваёй культуры. Да прыходу славян на тэрыторыі сучаснай Беларусі жылі балты. Пранікненне славян пачалося з сярэдзіны І тысячагоддзя. На Панямонне і Падвінне славяне ўвогуле прыйшлі толькі ў канцы І тысячагоддзя. Як уявіць іх прыход? Гэта міграцыя славян асобнымі сем'ямі з Падняпроўя, Валыні, Павіслення. Потым славяне асіміліраваліся з мясцовым балцкім насельніцтвам. З прыходам славян і пачаткам асіміляцыйных працэсаў паміж прышлымі і мясцовым насельніцтвам стала нараджацца балта-славянская супольнасць, якая з'явілася ў далейшым падмуркам беларускага этнасу. Спадчына іншых этнасаў? У ранняй культуры беларусаў ёсць элементы усходніх і заходніх балтаў, фіна-уграў, скандынаваў, валынян, мазаўшан і інш.
- Што падштурхнула Вас заняцца духоўнай спадчынай (міфалогіяй, паганствам) беларусаў? Якія археалагічныя знаходкі Вы з гэтым звязваеце?
- Я вывучаю курганы. А гэта язычніцкія пахаванні канца І, пачатку ІІ тысячагоддзяў. Кожны курган - гэта не толькі матэрыяльны аб'ект, а да ўсяго яшчэ і другі бок жыцця чалавека - яго духоўны свет. Археолаг жа першым адчыняе дзверы не толькі ў свет продка, які жыў тысячу гадоў таму, але і яго роду, народу, да якога належаў памерлы. А як хавалі нябожчыка? Кожны крок пахавання суправаджаўся тагачаснымі верваннямі, звязанымі з язычніцкай рэлігіяй. Яшчэ я вывучаю культавыя камяні, крыніцы, пакланне ім, паданні і легенды пра іх. Гэта ўсё наша архаічная гісторыя, наша дахрысціянская рэлігія, а, значыць, і ўнікальная беларуская культура.
Ірына Клімковіч.

© 2006 Герасімовіч С.А.
Hosted by uCoz
            на галоўную                       e-mail: javvar@yandex.ru


© ЭГЦ "ЯВАР". Усе правы на інфармацыю належаць сябрам суполкі.

































Hosted by uCoz