Пасля распаду СССР народы былых савецкіх рэспублік аднавілі, а хто і ўпершыню набыў незалежнасць, дзяржаўнасць. Тады былі адрынутыя шматлікія стэрэатыпы навязаныя ідэалогіяй. Канчаткова знік камуністычны міф пра зліццё нацый, пра адзіны савецкі народ. У пераломны момант гісторыі надзвычай гостра паўсталі пытанні нацянальных адметнасцяў, паходжання народаў. Цяжка пазбегнуць спакусы падагнаць мінулае нацыі пад новую палітычную сітуацыю, паспрабаваць прыўлашчыць чужое. Навука ж не мае права зважаць на часовую каньюктуру, бо інакш перастане быць навукай. Часовае знікне, вечнае ж было, ёсць і будзе.
Нацыянальныя адметнасці не трэба прыдумляць, канструяваць, яны існуюць у каштоўнасцях традыцыйнай духоўнай спадчыны, якая ў кожнай нацыі свая, ні да каго не падобная, бо бярэ вытокі яшчэ з дахрысціянскага светаўспрымання, жыве ў яскравых вобразах старажытнасці.
Беларуская традыцыйная культура, як вядома, вылучаецца незвычайна глыбокай фальклорнай памяццю. Гэту адметнасць прызнаюць не толькі нашыя, беларускія, але і замежныя даследчыкі. Ад пачатку ХІХ ст. расійскія навукоўцы вывучалі этнаграфічныя адметнасці Паўночна-Заходняга краю, так тады афіцыйна называлі ў навуковым ужытку Беларусь. Яны, а пазней і савецкія даследчыкі, навукоўцы іншых краін, у адзін голас сцвярджалі, што беларускія дадзеныя з'яўляюцца найбольш захаванымі, вельмі старажытнымі і асабліва важнымі для рэканструкцыі ўсёй пратаславянскай сістэмы будовы сусвету, якая ў сваю чаргу паходзіць ад пратаіндаеўрапейскай. Так, наш народ, нягледзячы на знешні культурны ціск, здолеў захаваць сваю старажытную культуру, а разам з ёй і сваю адметнасць. Напрыклад, такія архаічныя святы і абрады, як "Дзяды", "Радаўніца", "Гуканне Вясны", "Дажынкі", "Пахаванне "стралы" ці "сулы", "Жаніцьба Цярэшкі" практычна не захаваліся нават у нашых бліжэйшых славян суседзяў.
Разважаючы над гэтым, прыходзіш да высновы, што не ўсё яшчэ вывучана і прааналізавана. Што, калі захаваліся такія старажытныя абрады і звычаі, то жыве ў народзе і тое першаснае адчуванне, усведамленне ўласнай адметнасці, незвычайнасці, якое не заўважаецца ў штодзённым жыцці, але якое дапамагло яму выжыць і захаваць сваю культуру. Каб зразумець гэта не толькі розумам, але і адчуць, дакрануцца да вытокаў нацыі, трэба ісці ў народ, распытваць людзей пра старыя звычаі і традыцыі, якія яшчэ, дзякуй Богу, жывуць у нашых душах і ў памяці. У сучасных умовах "ісці" не абавязкова, можна і паехаць. Вось ужо трэці год запар ладзяць падобныя падарожжы сябры этнагістарычнага цэнтру "ЯВАР" .
"ЯВАР" -- грамадскае аб'яднанне, статутнай мэтай якога з'яўляецца развіццё і выхаванне нацыянальнай самасвядомасці грамадзян, даследванне і адраджэнне этнаграфічных, гістарычных традыцыяў. Аб'яднанне было зарэгістраванае 20 верасня 1999 года. Старшынём арганізацыі з'яўляецца кандыдат гістарычных навук, адзін з вядучых археолагаў Беларусі Эдвард Зайкоўскі. Сябры "Явара" - шукальнікі і знаўцы старажытных духоўных скарбаў - людзі розных прафесій: навукоўцы, гісторыкі, пісьменнікі, мастакі, журналісты... За ўласныя грошы яны ў палявы сезон арандуюць аўтобус і вандруюць па рэгіёнах Беларусі, шукаюць і знаходзяць цікавыя аб'екты для даследвання. Чарговы маршрут, вядома, распрацоўваецца загадзя. Робіць гэта звычайна кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік інстытута гісторыі НАНБ Людміла Дучыц, а часам і іншыя сябры "Явара", ці мясцовыя краязнаўцы, з якімі дамаўляюцца напярэдадні паездкі.
Распрацаваць маршрут, гэта значыць, падняць архіўныя і кніжныя дадзеныя іншых даследчыкаў, сабраць звесткі краязнаўцаў. Кожная паездка разлічана на светлавы дзень. За яго трэба паспець адшукаць і аб'ехаць палявымі дарогамі да шасці аб'ектаў, укласціся ў кіламетраж - 300--400 км. Такія паездкі, гэта не падарожжы-экскурсіі, а, хутчэй, экспедыцыі. Ад узыходу да захаду сонца трэба зафіксаваць - зазняць на фотастужку і на відэакамеру аб'екты, знайсці мясцовых людзей, якім нешта вядома пра іх, запісаць легенды, паданні. Здараюцца і расчараванні: некуды не паспелі заехаць, нешта не адшукалі, штосьці ўжо знішчана. Але яшчэ ні разу не здаралася, каб з вандровак даводзілася вяртацца без новых уражанняў, адкрыццяў, з адчуваннем, што змарнаваны цэлы дзень.
Аб'екты даследвання -- архаічныя помнікі традыцыйнай духоўнай культуры, часцей за ўсё, так званыя, вясковыя святыні. Святыя крынічкі, калодзежы, балоты і вазёры, легендарныя вытокі рэк, святыя дрэвы, гаі, культавыя камяні, пагоркі, пахавальныя курганы... Пра ўсе падобныя святыні існуюць прыгожыя легенды і паданні, якія, бывае, яшчэ нікім не запісаныя. Таму трэба спяшацца, бо старых людзей, якія памятаюць даўнейшыя абрады і павер'і, застаецца ўсё менш і менш. Веданне тых абрадаў і павер'яў дазваляе спасцігнуць багаты і духоўна насычаны свет нашых продкаў, зразумець іх архаічнае, але зусім не спрошчанае светаўспрыманне.
Неадменныя ўдзельнікі падарожжаў "Явара" - гісторыкі, вядучыя археолагі Беларусі, навукоўцы, пачынальнікі даследвання беларускай міфалогіі, дахрысціянскага мінулага - Эдвард Зайкоўскі і Людміла Дучыц . Гэты пачэсны рад працягваюць Уладзімір Васілевіч - кандыдат філалагічных навук, аўтар кніг "Міфы Бацькаўшчыны" і "Беларуская міфалогія", укладальнік трохтомнага збору беларускіх прыкмет і павер'яў і, наогул, самы дасканалы знаўца беларускай дэманалогіі; Андрэй Прохараў - кандыдат гістарычных навук, выкладчык гістфака БДУ, яго ўлюбёныя тэмы: легендарныя продкі беларусаў -- заснавальнікі гарадоў і паселішчаў, культ каня ў нашай культуры; Таццяна Валодзіна - кандыдат філалагічных навук, аўтар кніг "Талака ў сістэме духоўнай культуры беларусаў", "Семантыка рэчаў у духоўнай спадчыне Беларусі", навуковец добра вядомы за межамі нашай кріны; Лія Салавей - кандыдат філалагічных навук, руплівы даследчык беларускай традыцыйнай культуры, укладальнік акадэмічных выданняў з серыі беларуская народная творчасць "Жаніцьба Цярэшкі" і "Валачобныя песні"; Міхась Кенька - пісьменнік, кандыдат філалагічных навук і, наогул, душа паездак, няспынны апавядальнік самых неверагодных гісторый; кандыдаты тэхнічных навук, эколагі, знаўцы беларускіх балот і вазёр Усяслаў Раковіч і Алег Гайдукевіч - нястомныя даследчыкі нашай Бацькаўшчыны, яны аб'ехалі на роварах усю Беларусь; Святлана Ішчанка - рэдактар газеты "Культура", пастаянны ўдзельнік і летапісец вандровак; Вольга Лабачэўская - кандадат мастацтвазнаўства, вядучы супрацоўнік інстытута праблем культуры, спецыяліст у галіне народнай культуры, глыбокі знаўца нацыянальных строяў, аматар фатаграфаваць пудзілаў на вясковых гародах; Марыя Ігнаценка - мастачка, аўтарка цудоўнейшых фотаздымкаў, зачараваная прыродай роднай краіны і яе краявідамі; Алеся Ракава - яна не толькі рэдактар часопіса "Пачатковая школа", але і маці цудоўнай дзяўчынкі Агаты, якая малюе дакладныя шаржы-вобразы ўдзельнікаў падарожжаў. Калі шанцуе, за руль антыкварнага аўтобуса ці амаль пяцідзесяцігадовай "Перамогі" садзіцца такі неардынарны кіроўца, як Васіль Цярэшка - намеснік старшыні мінскага таварыства старых аўтамабіляў "Наша Перамога" і тады сябрам "Явара" даводзіцца плаціць толькі за паліва.
Яшчэ шмат хто праз недахоп часу выпраўляецца ў вандроўкі раз-пораз. Пра ўсіх і не згадаеш - не хопіць месца. Падарожжаў па ліку адбылося ўжо пяцьдзесят пяць, і яны будуць працягвацца, усё залежыць, як гаворыцца, ад лётнага надвор'я.
Але немагчыма абыйсці маўчаннем краязнаўцаў, без якіх падарожжы былі б не такія змястоўныя. У першую чаргу, Алесь Зайцаў - дасканалы знаўца Вілейшчыны, яе запаветных, сакральных мясцін і куткоў, ён цікавіцца ўсім, што тычыцца гісторыі, архітэктуры і духоўнай спадчыны сваёй малой радзімы. Па прапанаваных Алесем маршрутах па Вілейшчыне адбыліся ўжо тры падарожжы, пра іх будзе расказана ў наступных публікацыях, але што год гэты апантаны чалавек знаходзіць усё новыя і новыя помнікі. А дапамагае яму ў гэтым жонка, выкладчык мясцовай музычнай школы, Галіна Зайцава. Жывуць яны з мужам у вёсцы Любань Вілейскага раёна, каля іх дома цудоўны сад камянеў, Алесь па прафесіі інжынер-азеляняльнік.
Ужо двойчы сустракаў сяброў "Явара" на Барысаўшчыне Міхась Мацельскі - краязнаўца, галоўны рэдактар газеты "Гоман Барысаўшчыны", аўтар незлічоных краязнаўчых публікацый. Газета цалкам прысвечана духоўнаму, гістарычнаму, традыцыйнаму і культурнаму жыццю Барысаўшчыны.
У Крупках жыве Андрэй Аляхновіч -- краязнаўца, настаўнік гісторыі, заснавальнік скаўтскага крупскага лагера, улюбёнец тутэйшых дзяцей, якім неабыякавая гісторыя Бацькаўшчыны і спадчына продкаў. А ў вёсцы Старая Слабада жыве сябра Аляхновіча - Баравуля М., дырэктар мясцовай сярэдняй школы. Можна з упэўненасцю сказаць, што вучням школы пашанцавала, бо такога знаўцу гісторыі, звычаяў свайго народа цяжка знайсці і ў сталіцы. Баравуля арганізуе для дзяцей шматлікія вандроўкі, ладзіць віктарыны, выставы.
Калі бачыш такіх людзей, як нашыя краязнаўцы, то разумееш, што наша краіна вечная і ёй наканаваны росквіт. Іх працай і руплівасцю жывіцца любоў да Бацькаўшчыны.
|